Рэспубліканская прэм’ера анімацыйна-дакументальнага альманаха “Мемарыяльныя комплексы Беларусі” адбылася 27 чэрвеня. Зборнік прэзентавалі ў айчынных кінатэатрах, а таксама ў дзіцячых лагерах.
Новы праект Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм” прысвечаны 80-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ён знаёміць гледачоў з пяццю мемарыяламі — “Буйніцкае поле”, “Прарыў”, “Ала”, “Дзецям — ахвярам вайны” і “Баграціён”. Над эпізодамі працавалі творчыя групы знакамітых рэжысёраў-аніматараў Канстанціна Андрушачкіна, Ірыны Тарасавай, Аляксандра Ленкіна, Наталлі Касцючэнка і Таццяны Кубліцкай.
— Вялікі дзякуй нашай дзяржаве за падтрымку беларускай анімацыі, якая застаецца ўнікальнай. Менавіта на нашай кінастудыі тэма ліхалецця знайшла адлюстраванне і ў анімацыйнай форме — самай вобразнай і метафарычнай. Некалькі гадоў таму ваеннай мультыплікацыі дала старт карціна “Лыжка для салдата” Ірыны Тарасавай, — кажа кінарэжысёр, аўтар праекта Канстанцін Андрушачкін. — І цяпер эстафету пераймаюць “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”, таксама ўнікальны праект: упершыню пра гістарычныя помнікі мы распавядаем у форме анімадока.
Сюжэты альманаха апісваюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны пры дапамозе мастацкай анімацыі. Гісторыі дапаўняюцца натурнымі кадрамі, што перадаюць сучасны выгляд памятных мясцін.
ЗАСТАЦЦА ЛЮДЗЬМІ
Адзін з эпізодаў расказвае пра мемарыял “Прарыў” ва Ушацкім раёне, прысвечаны легендарнаму выхаду народных мсціўцаў з нямецкага акружэння. Увесну 1944-га да меж Полацка-Лепельскай партызанскай зоны вораг сцягнуў больш за 60 тысяч карнікаў. Амаль месяц працягваліся цяжкія няроўныя баі. Аднак партызаны выстаялі. У ноч з 4 на 5 мая яны прарвалі вогненнае кольца, пераадолелі акружэнне і вывелі 15 тысяч мірных грамадзян.
Карціну стварала група Таццяны Кубліцкай. Падчас падрыхтоўкі матэрыялу рэжысёр са здзіўленнем прыкмеціла, што некаторыя старонкі гэтай гісторыі ёй добра вядомыя. Даўней Таццяна працавала над кнігай, прысвечанай лётчыку Аляксандру Мамкіну. Пілот цаной уласнага жыцця выратаваў з акупаванай зоны 200 сірот — выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома. Яго подзвіг адлюстраваны і ў новым альманаху.
— Гісторыя, якая стаіць за мемарыялам, незвычайная. Нашы продкі дапамагалі адно аднаму, здзяйснялі гераічныя ўчынкі ды імкнуліся заставацца людзьмі ў нечалавечых умовах, — дзеліцца меркаваннем рэжысёр. — Я вельмі ўдзячная супрацоўнікам Ушацкага музея народнай славы імя У. Лабанка, якія беражліва захавалі партызанскія артэфакты. У фондах знайшліся нават работы майго настаўніка Мікалая Гуціева. У ліхалецце ён афармляў партызанскія газеты.
ПРАВІЛЬНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ
Ваенныя стужкі “Беларусьфільма” даўно сталі брэндам кінастудыі. І недарма: рэжысёры распрацоўваюць тэму Вялікай Айчыннай беражліва і трапятліва, бо для кожнага з іх гэтая трагедыя афарбавана асабістым болем.
— Чаму так добра атрымліваецца казаць пра вайну ў нашых кінематаграфістаў? Гэта не проста бравурны марш, а горыч кожнай беларускай сям’і, — лічыць журналіст Яўген Пуставой. — У захаванні памяці пра ліхалецце не толькі смутак, але і сіла нашага народа. Калі б не было паспяховай аперацыі “Баграціён” і Вялікай Перамогі, мы б не маглі гаварыць ні пра слуцкія паясы, ні пра неглюбскія ручнікі. Каб мірнае жыццё працягвалася, варта памятаць нашых герояў і ніколі не паўтараць памылак мінулага.
Такія стужкі, як “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”, — якасны падмурак для фарміравання нацыянальнай свядомасці маладога пакалення і добры напамін для дарослых аб каштоўнасцях, што трэба выхоўваць у дзецях. Асобныя эпізоды фільма можна будзе выкарыстоўваць як дадатак да вучэбных матэрыялаў, каталогаў. Плануецца, што побач з манументамі, пра якія расказана ў альманаху, з’явяцца QRкоды, каб юныя наведвальнікі знаёміліся з гісторыяй помнікаў у цікавым фармаце.
— Тэма Вялікай Айчыннай вайны, генацыду беларускага народа, подзвігу чырвонаармейцаў і партызан невычэрпная. Яна мае велізарны выхаваўчы і ідэалагічны патэнцыял, таму кінастудыя будзе працаваць з ёю далей, — гаворыць намеснік генеральнага дырэктара “Беларусьфільма” Павел Скалабан. — Мы думаем аб працягу альманаха “Мемарыяльныя комплексы Беларусі”. У наступную частку праекта ўвойдуць аповеды пра Брэсцкую крэпасць, Хатынь, Азарычы, Трасцянец і манумент “За нашу Савецкую Радзіму” пад Оршай, дзе быў дадзены першы залп легендарнай “кацюшы”.
Яўгенія ГАБЕЦ
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва кінастудыі
Источник: Культура і мастацтва
другие новости