27.07.2023

Вазьмі маё сэрца. Ода беларускім медыкам

Аўтар: Яўгенія ГАБЕЦ

Стужка распавядае пра складаную прафесію лекара, пра ўзаемаадносіны на працы, у сям’і. У цэнтры ўвагі — сацыяльна актыўная пазіцыя сучасных дактароў, якія на першае месца ставяць не асабістыя выгады, а здароўе пацыентаў. Аднак гэтая гісторыя будзе зразумелай і звычайнаму гледачу, бо яна пра кожнага з нас.

— Карціна, па сутнасці, пра нас усіх: якія мы, што з намі цяпер адбываецца, як мы да гэтага ставімся і як павінны ацэньваць. У фільме я выказваю свой пункт гледжання. Нам неабходна быць настойлівымі, калі гаворка ідзе пра гонар, прафесійны і чалавечы абавязак, пра патрыятызм. Бо ад нас вельмі многае залежыць. Асабліва цяпер, калі мы жывём у складаны час. Я мару, каб людзі зразумелі, пра што я кажу ў гэтым фільме, і раздзялілі мае думкі і пачуцці. Так бывае рэдка, але, калі гэта здарыцца, я буду шчаслівы, — гаворыць рэжысёр. 

Трэба адзначыць, што Аляксандр Яфрэмаў вылучаецца на фоне іншых беларускіх кінематаграфістаў імкненнем гаварыць у сваіх фільмах пра тое, што блізка простым людзям. Да таго ж рэжысёр не баіцца выказвацца на хвалюючыя многіх тэмы. І гэтым разам сцэнарый “Ліста чакання” нарадзіўся з нявыдуманых рэалій. 

— Тое, што з’язджаюць з краіны медыкі, бачаць і разумеюць усе. Гэта і падштурхнула зняць такую стужку. Бо нам усім хацелася сказаць з гэтай нагоды некалькі слоў, — заключае Аляксандр Яфрэмаў.

РАЗБІВАЮЧЫ СТЭРЭАТЫПЫ 

Фільм распавядае пра беларускіх дактароў, якія сутыкнуліся з выбарам: паехаць за мяжу ў пошуках чагосьці лепшага або застацца ў краіне, дзе іх майстэрства запатрабаванае? Галоўны герой, выбітны кардыяхірург Алег Корзун, збіраецца з жонкай у Германію. Але яго раздзіраюць сумневы, бо за мяжой чакае невядомасць. У гэты час у Рэспубліканскім цэнтры кардыяхірургіі пацыентку Алега рыхтуюць да найскладанейшай аперацыі — двайной перасадцы лёгкага і сэрца. І што пераважыць: матэрыяльныя або маральныя каштоўнасці? Што падкажа прафесійны абавязак? І які выбар зробіць герой? 


66.jpg

Хай гледача не палохае афіша, якая больш пасавала б шараговаму расійскаму серыялу, чым такой сур’ёзнай карціне, як “Ліст чакання”. Наш фільм варты ўвагі. Гэта адзін з нешматлікіх праектаў “Беларусьфільма”, які дае расколіну ў закамянелым стэрэатыпе пра айчыннае кіно. Магчыма, кагосьці збянтэжыць “павестка дня” — акцэнт на грамадзянскай пазіцыі і патрыятызме, — аднак варта прызнаць, што гэта нашы рэаліі. Калі б аўтары адмовіліся ад іх, “Ліст чакання” быў бы далёкім ад рэчаіснасці. Але на экране мы бачым сучасны Мінск і людзей, не адарваных ад сусветных падзей. 

КІНО Ў САПРАЎДНЫМ

Вельмі радуе, што падзеі карціны нарэшце адлюстроўваюць сённяшні беларускі побыт і месцам дзеяння становяцца знаёмыя вуліцы і будынкі. У гэтым плане адметная сцэна хрышчэння ў царкве, якая адбівае светапогляд і культуру сучаснай Беларусі. Прыемна, што на экране з’яўляюцца ўтульныя вулачкі Траецкага прадмесця, мінскае метро і візітоўка падземных пераходаў — музыкі. Гэта тыя дэталі, якія могуць здавацца звыклымі, паўсядзённымі, але менавіта праз іх перадаецца дух сучаснасці, чаго даўно бракавала беларускаму кіно. Прэзентуючы толькі ваенныя стужкі, мы не адлюстроўваем сённяшняй рэчаіснасці і, на жаль, не спрыяем росту цікавасці да нашай краіны (што кіно робіць лепш, чым іншыя віды мастацтва). “Ліст чакання” нарэшце абрывае гэты “трэнд” і становіцца годным кандыдатам для прасоўвання іміджу Беларусі за мяжой. 

Аляксандр Яфрэмаў: "Карціна, па сутнасці, пра нас усіх: якія мы, што з намі цяпер адбываецца, як мы да гэтага ставімся і як павінны ацэньваць. Нам неабходна быць настойлівымі, калі гаворка ідзе пра гонар, прафесійны і чалавечы абавязак, пра патрыятызм".

67.jpg

Захапляе аператарская і сцэнарная праца. Стужка дыхае: якасныя візуальныя і дыялогавыя паўзы робяць правільныя акцэнты ў сюжэце, падкрэсліваюць унутраны стан герояў або значнасць абстаноўкі, а таксама прымушаюць разгледзець дэталі. Канфлікт гісторыі просты і пры гэтым у меру драматычны. У фільме нават прысутнічае нечаканы сюжэтны паварот, які неўзабаве змяняецца другім, не менш раптоўным. Дакладна выкарыстаны аператарскі прыём “вока Бога”: глядач, нібы дэміург, назірае за пакінутай у сценах царквы разгубленай гераіняй з дзіцем на руках, якая накіроўвае позірк уверх. Падобны прыём у абстаноўцы храма ўзмацняе яго значнасць і эстэтычную прыгажосць. 

ЯШЧЭ АДЗІН ДУБЛЬ 

Не абышлося, аднак, без мінусаў. Некаторым ключавым момантам фільма не хапіла эмацыянальнай выразнасці. Да прыкладу, удала выкарыстаны прыём пазнавання згубіўся праз вельмі хуткае з’яўленне ў кадры гераіні, што лічылася загінулай. Таксама не хапіла паўзы, каб нечаканая сустрэча выклікала той феерверк пачуццяў, для якіх эпізод і ствараўся. 

А ШТО ДАЛЕЙ? 

“Ліст чакання” дае надзею на тое, што беларускае кіно ўзяло курс на актуальныя стужкі, якія змогуць прыцягнуць увагу гледачоў. І нават калі адзін фільм не верне ўсіх адразу ў кінатэатры, першы крок зроблены. 

Матэрыял: Культура і мастацтва