18.05.2023

Акцэнты «Беларусьфільма»

Конференция
Жанравая разнастайнасць, выхад на міжнародны рынак і праца з моладдзю — прыярытэтныя вектары Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”. Пра надзённыя пытанні развіцця індустрыі і задачы на гэты год гаварылі на нядаўняй сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь.

ЗАЯВІЦЬ ПРА СЯБЕ


Як адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі, галоўная задача прадпрыемства цяпер — не толькі ствараць фільмы, але і прасоўваць беларускае кіно, падтрымліваць станоўчы імідж краіны. Для гэтага прадукцыя “Беларусьфільма” прымае актыўны ўдзел у кінафорумах і кінаакцыях, а сама кінастудыя з’яўляецца арганізатарам шэрага мерапрыемстваў, такіх як кіналекторыі і кінаклубы, Дні кіно за мяжой, ММКФ “Лістапад”. У 2022 годзе па даручэнні Міністэрства культуры “Беларусьфільм” праводзіў акцыю “Кінаўрокі гісторыі. Ідзі і глядзі”, якую сёлета плануецца працягваць сумесна з расійскімі партнёрамі.



Акрамя гэтага, кінастудыя займаецца продажам маёмасных правоў для рэалізацыі сваіх карцін у замежных краінах. Так, айчынныя фільмы прэзентуюцца на кінарынках Расіі, Кітая, Індыі, Лацінскай Амерыкі, Японіі, Паўднёвай Карэі, ЗША. Сёння шэраг стужак можна знайсці і на інтэрнэт-платформах “Іві”, “Кінапошук”, YouTube.

ВЯРНУЦЬ ГЛЕДАЧА


Гаворачы аб прасоўванні айчыннага кінапрадукту, мастацкі кіраўнік студыі моладзевага кіно “Смолка”, рэжысёр Алена Турава падкрэслівае, што перш за ўсё беларускія фільмы павінен ведаць наш глядач. У дадзеным кантэксце востра паўстае пытанне рэкламы айчынных стужак. На думку рэжысёра, нават дробная друкаваная прадукцыя накшталт флаераў можа адыграць ролю ў піяры, а праз яго і ў атрыманні фільмам папулярнасці. Акрамя гэтага, Алена Турава робіць акцэнт на жанравай актуальнасці, у маніторынгу якой дапамагаюць сацыяльныя апытанні, статыстыка кінапракату, рэйтынгі фільмаў.



Алена Турава, рэжысёр, мастацкі кіраўнік студыі моладзевага кіно “Смолка” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”


Сёння запатрабаванымі застаюцца сямейнае кіно, камедыі, дэтэктывы, баевікі, прыгодніцкія фільмы. На такія формы цяпер і арыентуецца “Беларусьфільм”. Сёлета стартуюць здымкі містычнага дэтэктыва “Чорны замак” паводле рамана Уладзіміра Караткевіча. Таксама ў вытворчасці знаходзіцца анімацыйны поўнаметражны фільм “Песня Сірын”. Над гісторыяй на аснове славянскай міфалогіі ў жанры фэнтэзі працуе каманда Алены Туравай.

КІНАСТУДЫЯ-КЛАСТАР


“Беларусьфільм” з’яўляецца кінастудыяй поўнага цыкла, што аказвае шэраг паслуг, сярод якіх рэстаўрацыя, аблічбоўка, субцітраванне, дубліраванне на англійскую, іспанскую і кітайскую мовы. У дадзены момант кіраўніцтва змяняе падыход да працы і аптымізуе расходы, нарошчвае матэрыяльна-тэхнічную базу і плануе перагляд тарыфаў у мэтах стварэння канкурэнтаздольнасці. Супрацоўніцтва з кінастудыяй, па словах генеральнага дырэктара Уладзіміра Карачэўскага, робіцца выгадным. Менавіта таму з 2018-га заключаюцца міжнародныя дагаворы з замежнымі партнёрамі. Так, за апошнія два гады айчынныя кінематаграфісты паўдзельнічалі ў больш чым 10 праектах краін Цэнтральнай Азіі. Цяпер у вытворчасці знаходзяцца два праекты з Узбекістанам: ігравы фільм “Казбек” і дакументальны фільм, прысвечаны жыццю і творчасці Якуба Коласа. Працягваюцца перамовы з КНР аб магчымасці стварэння сумеснага кінапраекта.

ДАРОГУ МАЛАДЫМ!


Кадравае пытанне сёлета актуальнае для ўсёй сферы культуры, і Нацыянальная кінастудыя не выключэнне. Прыярытэт аддаецца маладым спецыялістам. Летась на базе кінастудыі пачала працаваць студыя моладзевага кіно. Менавіта яна стане месцам, куды будуць размяркоўвацца студэнты. Уладзімір Карачэўскі падзяліўся планамі аб цесным супрацоўніцтве з такімі ВНУ, як БДАМ, БДУІР, БДУ, БДУКМ, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.



Уладзімір Карачэўскі, генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”


Падрыхтоўка кадраў — сур’ёзная задача. Менавіта таму з сакавіка гэтага года “Беларусьфільм” сумесна з БДАМ арганізуе практыка-арыентаваныя заняткі на базе кінастудыі для студэнтаў. Мэта — прыцягненне моладзі да ўдзелу ў стварэнні рознага роду праектаў, а таксама знаёмства з кінавытворчасцю.

НАТХНІЦЬ НА ЖЫЦЦЁ


Гаворачы аб тым, якое кіно трэба здымаць сёння, мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра, кінарэжысёр Аляксандр Яфрэмаў адзначыў, што фільмы павінны адлюстроўваць рэальныя праблемы, якія стаяць перад нашым грамадствам, даследаваць чалавека і распавядаць пра сучаснасць, а таксама дапамагаць усвядоміць, хто такія беларусы і што такое Беларусь. “Сучаснае жыццё патрабуе ад нас дакладнай грамадзянскай пазіцыі. І я мяркую, што адно з галоўных слоў наконт гэтага можа і павінен сказаць кінематограф”, — дадаў рэжысёр.



Аляксандр Яфрэмаў, мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра, кінарэжысёр-пастаноўшчык, народны артыст Беларусі


Мастацкі кіраўнік студыі моладзевага кіно “Смолка”, рэжысёр Алена Турава адзначыла таксама, што кіно павінна даваць псіхалагічную падтрымку, а не пакідаць пачуццё безнадзейнасці. Сёння для гэтага варта выкарыстоўваць новыя формы. На студыі кінематаграфісты-пачаткоўцы ўжо спрабуюць заявіць пра сябе. Неўзабаве пачнуцца здымкі камедыі дэбютанта Кірыла Халецкага. У выніку пітчынгу, які праходзіў у рамках “Лістапада”, створаны альманах “Гарадская казка”. З ім будзе працаваць рэжысёр Дзмітрый Сарока. На дадзены момант у нас найвастрэйшы дэфіцыт кіно для дзяцей і юнацтва, таму гэты праект мае велізарны патэнцыял.

Аўтар: Яўгенія ГАБЕЦ

Источник: Культура і мастацтва